САМААЧЫШЧЭ́ННЕ НАВАКО́ЛЬНАГА АСЯРО́ДДЗЯ,

здольнасць прыроднага асяроддзя раскладаць, уключаць у біятычны кругаварот, засвойваць (асіміляваць) або пераводзіць у індыферэнтны стан забруджвальныя антрапагенныя выкіды, што трапляюць у яго. Уключае працэсы пераносу рэчываў з аднаго асяроддзя ў другое (атм. ападкамі, паветр. плынямі, вадасцёкамі), фільтрацыю вадкіх рэчываў праз глебу і інш. Пры ўключэнні ў біял. кругаварот асн. ролю адыгрываюць сапратрофныя арганізмы (бактэрыі, грыбы, прасцейшыя), шматклетачныя жывёлы-фільтранты; прадуцэнты (зялёныя расліны і хемасінтэзуючыя мікраарганізмы), кансументы (жывёлы). Інтэнсіўнасць С.н.а. залежыць ад буфернай ёмістасці экасістэм, колькасці ультрафіялетавай радыяцыі, сумы актыўных т-р асяроддзя, наяўнасці акісляльнікаў і інш. Буфернасць экасістэм і біясферы ў цэлым значна зменшылася з прычыны вял. намнажэння ў навакольным асяроддзі ксенабіётыкаў (пестыцыдаў, цяжкіх металаў, дэтэргентаў, фенолаў, пластмас і інш.), многія з якіх не ўтылізуюцца натуральным шляхам і негатыўна ўплываюць на арганізмы-дэтаксікатары.

П.​І.​Лабанок.

т. 14, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)